“ЛІЦВІНСКАЯ МЕЛОДЫЯ ШАПЭНА”

Начало: 10.03.2010, 19:00

Зал: Малый зал им. Г. Ширмы (афиша)

“ЛІЦВІНСКАЯ МЕЛОДЫЯ ШАПЭНА”
Ансамбль салістаў “КЛАСІК-АВАНГАРД”
Мастацкі кіраўнік – Уладзімір БАЙДАЎ
Салісты–
лаўрэат міжнародных конкурсаў Яўгенія КАРАЛЬЧУК сапрана
дыпламант міжнародных конкурсаў Уладзімір ГРОМАЎ барытон
Музыказнаўца – Светлена НЕМАГАЙ
 
 
Фрыдэрыку Шапэну не было наканавана апынуцца на землях Беларусі, аддзеленых у той час ад яго роднай Варшавы мяжой з Расіяй. Тая мяжа сапраўды існавала на мапах, у свежых памежных слупах і бяздушных мытніках. Аднак у свядомасці тагачаснага жыхара Польскага каралеўства былое ВКЛ азначала толькі ўсходнюю частку яго вялікай радзімы – Рэчы Паспалітай. Таму ліцьвінская (а сёння мы б казалі, беларуская) мелодыя нязменна была ўплецена ў партытуру лёсу і творчасці Шапэна. Гукі гэтай мелодыі – асобы, якія сустракаліся на жыццёвым шляху вялікага ГЕНІЯ, а таксама іх творчасць, што натхняла яго цудоўную музу. “Гістарычныя спевы” Ю. У. Нямцэвіча, паэмы і балады А. Міцкевіча, паланэзы Ю. Дашчынскага, вальсы і малюнкі Н. Орды – усё гэта стварала адзіны шапэнаўскі космас.
А гэта значыць – Шапэн бліжэй да нас, чым падаецца. І Вы пераканаецеся ў гэтым, наведаўшы канцэрт, які адбудзецца 10 сакавіка а 19 гадзіне ў Малой залі Беларускай філармоніі імя Р. Шырмы ў выкананні ансамбля салістаў “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам У. Байдава.
 
Пачатак у 19.00
Білеты прадаюцца ў касах філармоніі і ўпаўнаважанымі па арганізацыі гледача
Даведкі па тэлефонах: 284 44 33, 284 32 02 (аддзел рэалізацыі білетаў); 331 36 91;
331 16 17, 284 47 09 (каса з 9.00 да 21.00)
Заказ білетаў у інтэрнэце www.philharmonic.by
 
 
 
XІХ фестываль “Адраджэнне беларускай капэлы”
Да 200-годдзя з дня нараджэння Фрыдэрыка Шапэна
 
Ліцьвінская мелодыя Шапэна
 
 
Ансамбль салістаў
“КЛАСІК-АВАНГАРД”
Мастацкі кіраўнік — Уладзімір Байдаў
Салісты –
Яўгенія КАРАЛЬЧУК сапрана 
дыпламант міжнарожднага конкурса
Уладзімір ГРОМАЎ барытон 
заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь
Віктар СКОРАБАГАТАЎ барытон 
 
10 сакавіка 2010 года
Малая зала філармоніі імя Р. Шырмы
г. Мінск 
 
У ПРАГРАМЕ:
 
І аддзяленне
Ф.Шапэн (1810-1849), сл. народныя – “Літоўская песенька” (1831)
– Паланэз Сі-бемоль мажор
М.Кл.Агінскі (1765-1833) – Р. Палестэр (1907-1989) – Сюіта “Паланэз”
З “Гістарычных спеваў” Ю. У. Нямцэвіча
М.Шыманоўская (1789-1831) – “Ядзвіга, каралева Польшчы”
В.Жыўны (1756-1842) – Паланэз До мажор
А.Радзівіл (1775-1833) – “Балада аб фульскім каралі” з оперы “Фаўст”
Ф.Шапэн – Прэлюдыя Рэ-бемоль мажор № 15
Ю.Дашчынскі (1781-1844) – Паланэз До мажор
 
ІІ аддзяленне
Н.Орда (1807-1883) – Вялікі вальс Мі-бемоль мажор
Ф.Шапэн, сл. А. Міцкевіча – “Прэч! каб не бачыў”
С.Манюшка (1819-1872) – Мазурка Рэ мажор
М.Карловіч (1876-1909) – “Залатыя дні”
Ф.Шапэн – Накцюрн до мінор ор. 48 № 1
К.Тызенгаўз (1786-1853) – “Вянок танцаў”
Ф.Шапэн, сл. А. Міцкевіча – “Мая пястуння”
Ф.Шапэн – Прэлюдыя Ля-бемоль мажор № 17
 
У зіхоткім абсалюце лунаюць летуценныя гукі музыкі. Неасягальныя ў сваёй прамяністай дасканаласці, яны, адначасна цёплыя і ласкавыя, як матуліны рукі, вабяць і атуляюць. І ў душы, бы ў анёла, вырастаюць крылы. І нясуць, імкнуць у край мары і шчасця, прыгажосці і гармоніі. У тым краі пануе музыка Шапэна...
Заняпад і Адраджэнне. Два палюсы-антыноміі, два неад"емныя абліччы самога жыцця. У ХІХ стагоддзе першая Рэч Паспалітая ўвайшла раскроенай на кавалкі, навечна складаючы на паліцы гісторыі сармацкую пышнасць, шляхецкую вольнасць і каралеўскі трон. Менавіта тады, у гады заняпаду расквітнеў талент вялікага Фрыдэрыка Шапэна (1810-1849). Для пазбаўленага ўласнай дзяржаўнасці народу кампазітар стаў духоўным вястуном, чые творы мацавалі прыгнечаныя сэрцы і ўсялялі надзею. Ніколі раней да гэтага музыка не набывала для Польшчы значэння нацыянальнага сімвала. Гукі шапэнаўскіх паланэзаў збіралі ля фартэпіяна расцярушаныя віхурамі паўстанняў шляхецкія гнёзды, узносячы падмурак для ўзрастання новых пакаленняў, закліканых да адраджэння з попелу Рэчы Паспалітай.
Душа Шапэна – як асколак яго Радзімы. Параненая, трапяткая і разам з тым – мужная і трывалая. Кампазітар падзяліў лёс і трагедыю цэлага пакалення суайчыннікаў, якое, увабраўшы жыццядайныя сокі сваёй зямлі, прыносіла плён на далёкай чужыне. І ў гэты час заняпаду, пад цяжкой глыбай ільда трагедыі польскага народу струменьчыкамі бруіўся няскораны дух, імкнуліся да святла парасткі новага жыцця, рамантычныя творцы адчынялі новыя мастацкія вымярэнні, заклікаючы да свабоды і растапліваючы, хоць пакуль і ў марах, вечную мерзлату непахіснай гісторыі.
Фрыдэрыку Шапэну не было наканавана апынуцца на землях Беларусі, аддзеленых тады ад яго роднай Варшавы мяжой з Расіяй. Тая мяжа сапраўды існавала на мапах, у свежых памежных слупах і бяздушных мытніках. Аднак у свядомасці тагачаснага жыхара Польскага каралеўства былое ВКЛ азначала толькі ўсходнюю частку яго вялікай радзімы – Рэчы Паспалітай, якая ў змрочны час падзелаў як ніколі была адзінай і непадзельнай духам, культурай, людзьмі.
Менавіта таму ліцьвінская (а сёння мы б казалі, беларуская) мелодыя нязменна была ўплецена ў партытуру шапэнаўскага лёсу і творчасці. Гукі той мелодыі – звязаныя з беларускай зямлёй асобы, якія сустракаліся на жыццёвым шляху ГЕНІЯ, а таксама іх творчасць, што натхняла яго цудоўную музу. “Гістарычныя спевы” Ю. У. Нямцэвіча, паэмы і балады А. Міцкевіча, паланэзы Ю. Дашчынскага, вальсы і малюнкі Н. Орды – усё стварала адзіны шапэнаўскі космас.
А гэта значыць – Шапэн бліжэй да нас, чым падаецца.
Беларусь, частка вялікай шапэнаўскай Радзімы, складаючы гонар вялікаму кампазітару, далучаецца да святкавання вялікага юбілею 200-годдзя з дня яго нараджэння, які увесь культурны свет адзначае ў сакавіку 2010 года.
Плеяду спадарожнікаў лёсу Ф. Шапэна, звязаных з Беларусяй, адчыняе яго першы настаўнік музыкі Войцэх Жыўны (1756-1842). Гэты крыху забаўны і старамодны, па ўспамінах сучаснікаў, музыкант, прывіваў сваім вучням густ да твораў І. С. Баха, а таксама свайго равесніка В. А. Моцарта. Да таго, як стаць адным з педагогаў пансіянату Шапэнаў, Жыўны ў 1790-х служыў у Дзярэчыне пры двары Казіміра Сапегі.
“Гістарычныя спевы” Юльяна Урсына Нямцэвіча (1758-1841), выхаванца брэсцкага езуіцкага калегіюма і паплечніка Т. Касцюшкі, былі знаёмыя Ф. Шапэну з дзяцінства. Кніга служыла музычна-паэтычным падручнікам айчыннай гісторыі цэламу пакаленню, рамантычнае светаадчуванне якога ўзрастала на ўспамінах былой велічы сваёй радзімы. “Гістарычныя спевы” жылі на пюпітрах фартэпіяна ў доме і пансіянаце Шапэнаў у Варшаве, іх тэмы ўпляталіся і ў першыя імправізацыі юнага Фрыцка. Быццам у іншым вымярэнні, Вялікая эміграцыя зводзіць Шапэна і зсівелага Нямцэвіча ў парыжскіх салонах.
Музычнае паветра дзяцячых і юнацкіх гадоў Ф. Шапэна поўнілася меланхалійнымі паланэзамі Міхала Клеафаса Агінскага (1765-1833). У 1810-я з сядзібы ў Залессі, быццам ластаўкі, у друкарні Варшавы, Пецярбурга, Вільні, Вены, Дрэздэна разляталіся новыя і новыя творы ў “элегічных” танальнасцях. Касцюшкаўскі паўстанец, а пазней расійскі сенатар стаяў у вытокаў паэтызацыі паланэза, – рэформы жанра, якую давёў да кульмінацыйнай вышыні геніяльны Фрыдэрык.
Юзафа Дашчынскага (1781-1844) Шапэн ведаў як аўтара бліскучых паланэзаў і фартэпіянных канцэртаў, песні пра Зыгмунта ІІІ са зборніка Нямцэвіча, а таксама прысвечанага Ю. Эльснеру Фартэпіяннага квартэта a-moll, які, магчыма, быў адным з твораў, што натхнілі яго да напісання Трыо g-moll (1832). Фартэпіянная творчасць Дашчынскага служыла ўзорам канцэртнай віртуознасці і стылю brillant, што будзе дыяментамі іскрыцца ў элегантных пасажах шапэнаўскіх вальсаў і балад.
Ю. Дашчынскі нарадзіўся і некаторы час працаваў у Вільні, пасля чаго падзяліў лёс іншага Юзафа – Гайдна, аддана служачы свайму мецэнату, маршалку Мінскай губерні і вялікаму меламану Людвіку Ракіцкаму ў маёнтку Гарадзішча каля Рэчыцы.
У 1822 годзе, быццам свежае вясновае паветра, балады і рамансы Адама Міцкевіча (1798-1855) ўварвалася ва ўжо душную і грувасткую атмасферу паэзіі класіцызма. Творчасць знакамітага наваградчаніна стала плённай глебай для рамантычных музычных ідэй Ф. Шапэна, у прыватнасці, яго фартэпіянных балад і песень.
У кастрычніку 1829 года Ф. Шапэн праводзіць тыдзень у Антоніне – паляўнічым замку князя, меламана і мецэната Антонія Радзівіла (1775-1833). Адтуль кампазітар піша да Т. Вайцэхоўскага: “Ведаеш, як ён любіць музыку. Паказваў мне свайго “Фаўста” і многія рэчы я знайшоў настолькі ўдалымі, нават геніяльнымі, што ніколі не мог гэтага спядзявацца ад намесніка”.
Парыж у 1830-40-я бы магніт прыцягваў эмігрантаў з былой Рэчы Паспалітай. Нямногім з іх, аднак, пашчасціла ўвайсці ў кола сапраўдных сяброў Шапэна. Сярод апошніх быў мастак і піяніст, ураджэнец Варацэвічаў, што на Піншчыне, Напалеон Орда (1807-1883). Плёнам гэтага сяброўства сталі натхнёныя хвіліны сумеснага музіцыравання, перапіска, абмен творчымі думкамі і ідэямі.
Двух вялікіх польскіх кампазітараў ХІХ ст. і амаль равеснікаў – Шапэна і Станіслава Манюшку (1819-1872) сцежкі лёсу так ніколі і не звялі на адной дарозе. Да парыжскіх салонаў, дзе лунала муза Шапэна, напэўна не дайшлі весткі пра мала каму вядомага тады віленскага арганіста і аўтара “Хатніх спеўнікаў”. Калі ж ў 1858 г. С. Манюшка ўпершыню выбраўся ў Парыж, Шапэна ўжо як 10 гадоў не было ў жывых. Аднак кампазітары, нібы па дамоўленасці, супольна ўзвялі бліскучую галерэю жанраў польскай рамантычнай музыкі: Шапэн – як геніяльны паэт фартэпіяна, Манюшка – майстар оперы і песні. Апошні быў гарачым прыхільнікам шапэнаўскага таленту і ў “Музычным Руху” горача абараняў яго перад аўтарытэтным І. Крашэўскім.
Творчасць Ф. Шапэна, быццам дасканалы камертон, настроіла жанрава- эмацыянальную прастору цэлай музычнай эпохі. Паланэзы, мазуркі, вальсы, апаэтызаваныя геніем кампазітара, служылі ўзорам яго сучаснікам і паслядоўнікам. Шапэнаўскую “ноту” няцяжка пачуць у творах знакамітага арнітолага з Паставаў, уладальніка багацейшай карціннай галерэі і бібліятэкі, а таксама віяланчаліста і кампазітара-аматара Канстанціна Тызенгаўза (1786-1853). Яго нядаўна адшуканы ў віленскім архіве вянок танцаў – прэм"ернае (праз 150 гадоў!) упрыгожанне сённяшняга канцэрту.
 За тысячу рублёў (што тады складала немалую суму) бліскучы кампазітар-сімфаніст Мечыслаў Карловіч (1876-1909), чыё дзяцінства мінула ў беларускім Вішнева, выкупіў у Марыі Ціхомскай, сваячкі Шапэна, пакет з надпісам “мая бяда”, у якім месцілася карэспандэнцыя з сям"ёй Марыі Вадзіньскай. Ён паклаў пачатак апрацаванага Карловічам вялікага тому “Нявыдадзеныя дагэтуль памяткі Шапэна” (1903), дзе ўпершыню былі апублікаваныя многія лісты Мендэльсона, Шумана і Ліста, метрыка хросту і пасведчанне шлюбу бацькоў Шапэна, рэпрадукцыі партрэтаў членаў сям"і кампазітара і яго карыкатуры.
Святлена Немагай 
 
Заказ білетаў у інтэрнеце: www.philharmonic.by
Заяўкі на інтэрнет-рассылку афіш канцэртаў Вялікай і Малой канцэртных зал філармоніі дасылайце на адрас bkzf_1@mail.ru
Чакаем вашых водгукаў аб канцэртах на сайце www.philharmonic.by
Пры выкарыстані матэрыялаў спасылка на Беларускую дзяржаўную філармонію абавязкова 
Имя: *
Комментарий: *





© 2008