Билетная касса:

+375 17 396-16-17

Заказ билетов

Год благоустройства

Статкевич Вячеслав (вокал)

Статкевич Вячеслав (вокал)

Мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”  Беларускай дзяржаўнай філармоніі. 1971 года нараджэння, адукацыя вышэйшая.

Вячаслаў Казіміравіч Статкевіч з 2019 года працуе мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”, у якім з 1993 года і да гэтага часу працуе ў якасці артыста-вакаліста (саліста). У 2020 годзе адзначыў 30-годдзе творчай дзейнасці, якая пачыналася ў ролі артыста ансамбля песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, акцёра Рэспубліканскага тэатра юнага гледача.

В.К.Статкевіч карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у калектыве, ахвотна дзеліцца вопытам, аказвае неабходную дапамогу калегам, у працы старанны, ініцыятыўны, імкнецца выконваць усё якасна, добрасумленна і на высокім прафесійным узроўні. Валодаючы высокім творчым патэнцыялам, пастаянна працуе над сабой, працягвае выконваць творчыя нумары падчас канцэртаў ансамбля.

  З’яўляецца актыўным прапагандыстам нацыянальнага музычнага мастацтва. Бываючы ў канцэртных паездках, займаецца зборам і апрацоўкай песеннага фальклору, зберагае стыль, акцэнты і манеру старажытнага выканання, ведае вялікую колькасць акапэльных песень, якія з задавальненнем выконвае на сцэне, выступае на старонках друку з матэрыяламі, якія дапамагаюць глыбей і яскравей спазнаць багатую спадчыну народа, прэзентуе вядомыя і малавядомыя народныя песні, расказвае гісторыю іх станаўлення, прымае ўдзел у многіх музычна-песенных фестывалях і конкурсах, мэтанакіравана дапамагае маладым выканаўцам у іх творчым станаўленні.

Вячаслаў Казіміравіч уносіць значны асабісты ўклад у захаванне фальклорнай спадчыны, развіццё нацыянальнай культуры і мастацтва. Ён прымае актыўны удзел у многіх культурна-музычных праектах, мэтай якіх з’яўлялася выяўленне і развіццё таленавітых выканаўцаў, павышэнне прафесійнага ўзроўню народнай творчасці, прапаганда дасягненняў беларускай музыкі, выхаванне любві да роднай зямлі, яе багатай культурнай спадчыны.

За перыяд творчай дзейнасці В.К.Статкевіч выступіў у ролі арганізатара і ініцыятара шматлікіх творчых праектаў, з’яўляўся вядучым папулярнай тэлепраграмы “Спявай, душа!” (2004-2006 гг.) на Першым нацыянальным тэлеканале. Сярод мерапрыемстваў, арганізаваных за апошні час пры актыўным удзеле Вячаслава Казіміравіча, патрыятычная акцыя “Маё жыццё і лёс адзіны, як Беларусь, мая Айчына”, што прайшла сумесна з Дэпартаментам выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў РБ (2009 г.), дабрачынная акцыя “Пабудуем Храм разам” у Салігорску і Старых Дарогах Мінскай вобласці (2012-2013 гг), рэспубліканская творчая акцыя “Я роднай вёсцы нізка пакланюся” для працаўнікоў сяла, якая прайшла ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, Смаргонскім, Ашмянскім і Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці (2012-2018 гг.), Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці (2017 г.). Салігорскім раёне Мінскай вобласці (2018 г.).

Рэгулярна праходзяць творчыя вечары-канцэрты Вячаслава Казіміравіча, дзе ён выступае ў ролі вядучага, рэжысёра і аўтара сцэнарыяў, якія заўсёды выклікаюць вялікую цікавасць сярод слухачоў і збіраюць аншлагі. Сярод апошніх: “Святло матуліных вачэй” (2014), два канцэрты да свайго 25-годдзя творчай дзейнасці “Іду да песні”, што прайшлі ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі 22 лютага 2015 г., “Цяпло тваіх рук душу сагравае” (сакавік 2017 г.), юбілейны канцэрт паэта-песенніка Івана Цітаўца “Будзіць агонь высокіх мар” (2016) “Цяпло чароўнае далоняў душу саргэе і ўвесь свет” (2018), а таксама юбілейны канцэрт кампазітара, саліста ансамбля “Верасы” Яўгена Хаменкі “Песні маёй душы” (2018), канцэрт памяці заслужанага артыста РБ Анатоля Кашталапава “Душою дакрануцца да нябёс” (2019), якія трансліраваліся на тэлеканале Беларусь-3.

За перыяд працы ў якасці мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята” калектывам пад кіраўніцтвам Вячаслава Казіміравіча створаны шэраг канцэртных праграм, якія атрымалі самыя станоўчыя водгукі: “Жыве ў сэрцы музыка народа” (2019), “З вякоў мінулых да сучасных дзён” (2019), “Калі ў душы маёй свята!” (2020),  “Беларусь дарагая мая!” (2020),   “Будзь здаровы, гаспадар!” (2021), “Я сэрца аддам Беларусі” (2021), “Бацькоўская зямля мне сэрца грэе!” (2022),  “Свята сонца” (2022), “Дзве сястры Беларусь і Расія” (2022),   “Слова роднае - вечнасці след…” (2023),   “Родная мова - народа аснова” (2023),  “Матулям Беларусі” (2023),  “Вясны маёй салаўіная песня” (2024), “Святочны настрой” (2024),  “Святой Беларусі зямля” (2024).

Разам з Белдзяржансамблем “Свята” В.К.Статкевіч прымаў удзел у многіх дзяржаўных мерапрыемствах, акцыях і святах, якія штогод праводзяцца як у нашай рэспубліцы (“Майстры мастацтваў – працаўнікам вёскі”, “Майстры мастацтваў – ветэранам”, свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, сацыяльна-патрыятычныя акцыі “Беларусь – гэта мы”, “Мы беларусы – мірныя людзі”, “За Беларусь!”, дабрачынная акцыя “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця”, “У будучыню – з надзеяй”, Дні беларускага пісьменства, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень Перамогі, Дзень маці, фестываль народнага гумару ў Аўцюках і інш.), так і за яе межамі (у тым ліку падчас Дзён культуры Рэспублікі Беларусь).

У якасці мастацкага кіраўніка калектыву В.К.Статкевіч рыхтаваў творчыя выступленні Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята” падчас цырымоніі адкрыцця і цырымоніі закрыцця II Еўрапейскіх гульняў у Мінску (2019), Мінскага паўмарафона (2019, 2021), фестывалю “У Беларусі як дома – 2”, арганізаваным ад імя Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь для прадстаўнікоў дыпламатычных місій, акрэдытаваных у нашай краіне (2019), святочнага канцэрта з нагоды 390-годдзя с Дня нараджэння Сімяёна Полацкага (г.Масква, 2019), святочнага канцэрта з нагоды Дня народнага адзінства ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі (г.Масква, 2021), канцэрца майстроў мастацтваў у рамках цырымоніі ўручэння прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва і спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Беларускі спартыўны алімп” (2021), канцэрта майстроў мастацтва падчас пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў (г.Мінск, 2021), гала-канцэрта “народнага” шоу “Песні маёй краіны” рэспубліканскага свята “Купалле-2021” (“Александрыя збірае сяброў”, 2021, 2023), гала-канцэрта майстроў мастацтва Беларусі “Крок by крок” у межах Славянскага базару ў Віцебску (2021). Каравай-фэст “Бацькава булка” (2022, 2023).  Сустрэча  дэлегацыі з Уфы (2024), творчая акцыя “Баявая агідбрыгада” Мінск, Бабруйск, Жодзіна, Асіповічы, Мачулішчы, Слонім, Фаніпаль, Баранавічы (2024). Выступленне да дня Перамогі “У 9 гадзін вечара пасля вайны” Кастрычніцкая плошча ў Мінску (2024). Рэспубліканскі фестываль “Беларусь мая песня” (2024), удзел у канцэрце “Шлях да незалежнасці” Палац Рэспублікі (02.07.2024). Святкаванне г.Навагрудка 980 г. (2024) і інш.

З ансамблем “Свята” В.К.Статкевіч пабываў на гастролях у многіх краінах свету: Расія, Украіна, Малдова, Латвія, Літва, Эстонія, Германія, Польшча, Францыя, Венгрыя, Велікабрытанія, Венесуэла, Узбекістан, Кыргызстан, Туркменістан, Кітай, КНДР, Лаос і інш. Гледачы высока адзначылі яго несумненныя творчыя здольнасці, як саліста-вакаліста, яркую творчую індывідуальнасць, уменне знаходзіць сцяжынку да сэрца людзей, даносіць глыбіню і хараство роднай беларускай песні.

Багаты творчы запал артыста прадстаўляецца ў кампазітарскіх і паэтычных здольнасцях. Ён аўтар песень, якія ўвайшлі ў яго рэпертуар (“Мая адзіная”, “Каханая”, “Цалую тваю далонь”, “О каханне маё бясконцае”, “Налівай, брат, налівай”, “Абяцаў”, “Я жадаю вам з дабром”, “Хлопцы ехалі па полі”, “Я шчаслівы”, “Ад нашай хаты” “Бацькава булка” і іншыя), у песенны зборнік “Песню бярыце з сабой” і друкуюцца ў нашых перыядычных выданнях і часопісах (“Звязда”, “Гаспадыня”, “Роднае слова”, “Вясёлка”). Выступае ў канцэртах з чытаннем гумару, літаратурных маналогаў, сачыняе прыпеўкі і гумарыстычныя замалёўкі. У снежні 2016 года выступаў на сцэне Белдзяржфілармоніі з музычным мона-спектаклем “У краіне светлай, дзе я ўміраю”, прысвечаным да 125 годдзя Максіма Багдановіча.

Рэгулярна з’яўляецца вядучым канцэртных праграм ЗК РБ Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”, а таксама іншых канцэртаў і мерапрыемстваў, якія праходзяць у Беларускай дзяржаўнай філармоніі і на іншых канцэртных пляцоўках рэспублікі (з’яўляўся вядучым Рэспубліканскага фестывалю гумару “Аўцюкі”, вядучым цэрэмоніі закладкі “Алеі Славы народных артыстаў Беларусі” і Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Лаосе).

За 34-гадовы перыяд творчай дзейнасці Вячаслаў Казіміравіч Статкевіч неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі, дыпломамі, падзякамі шматлікіх арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў за актыўны ўдзел у дабрачынных і творчых праграмах. Сярод іх Дыплом за актыўную работу по эстэтычнаму выхаванню, дзяцей і моладзі Рэспубліканскага цэнтра творчай моладзі і навукоўцаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі” (2011), Ганаровая грамата ААТ “Мінаблаўтатранс” за шматгадовае і плённае супрацоўніцтва па прапагандзе і развіццю народнай творчасці, правядзенню культурна-масавых мерапрыемстваў (2011), Ганаровая грамата Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза працаўнікоў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў (2010), Дыплом за дасягнутыя поспехі пры правядзенні на высокім прафесійным узроўні III Міжнароднага фестываля песні “Майскі вальс” (2014), Ганаровая грамата аддзела культуры Лідскага райвыканкама за прапаганду народных песенных традыцый і творчы ўклад у развіцце культуры Лідчыны (2011), Падзяка Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь за высокі прафесіяналізм, актыўную грамадскую дзейнасць, значны ўклад у развіццё нацыянальнага музычнага мастацтва (2016) і Ганаровая грамата Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь за высокі прафесіяналізм, актыўную грамадскую дзейнасць, значны ўклад у развіццё нацыянальнага музычнага мастацтва (2017, 2019), Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2019), Падзяка Прэм”ер-міністра Рэспублікі Беларусь Р.Галоўчанкі за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускага фальклорнага мастацтва (2021)  і іншыя.

В.К. Статкевіч узнагароджаны Ганаровай граматай Белдзяржфілармоніі, Ганаровай граматай Савецкага раёна горада Мінска, Ганаровай граматай Упраўлення культуры Мінгарвыканкама, Ганаровай граматай і Нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У 2013 годзе стаў уладальнікам ганаровага дыплома “Гонар Лідчыны”, а на цэнтральнай плошчы г.Ліда была адкрыта зорка яго імя. У 2019 годзе Вячаслаў Казіміравіч узнагароджаны медалём Ф.Скарыны, а Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята” пад яго кіраўніцтвам атрымаў ганаровае званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”

У 2021 годзе ўзнагароджаны Ганаровай граматай Белдзяржфілармоніі за актыўную канцэртную і творчую дзейнасць, значны асабісты ўклад у развіццё беларускага музычнага мастацтва; Ганаровай граматай Адміністрацыі Савецкага раёна г.Мінска, за шматгадовую плённую працу па папулярызацыі беларускага фальклорнага мастацтва, актыўную канцэртную дзейнасць і выдатныя творчыя дасягненні. Падзякай намесніка Міністра унутраных спраў Д.М. Карзюка; Ганаровай граматай ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, за шматгадовае плённае супрацоўніцтва з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, стварэнне песень на вершы беларускіх паэтаў і ў сувязі з 50-годдзем з дня нарадэння;  Медалём “Максім Багдановіч” ад Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі; Ганаровым знакам Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь, за актыўную грамадскую дзейнасць па выхаванні моладзі і ў сувязі з юбілеем. У 2022 узнагароджанны Граматай Белдзяржфілармоніі.

   У маі 2024 года ўступіў у рады Савецкай раённай арганізацыі г.Мінска РОО “Белая Русь”. У лістападзе 2024 годзе ўзнагароджаны падзячным пісьмом Савецкай раённай арганізацыі г.Мінска РОО “Белая Русь”. Узнагароджаны Граматай Адміністрацыі Савецкага раёна г.Мінска за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, актыўны ўдзел у культурным жыцці Савецкага раёна  г.Мінска і ў сувязі з 40-годдзем заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”.

На сённяшні дзень свет убачылі пяць сольных альбомаў Вячаслава Казіміравіча Статкевіча: “Дзень добры”, “Колькі ў небе зор”, “Ты са мной”, “Іду да песні”, “Святой Беларусі зямля”, якія ён выпусціў для прыхільнікаў песні.