Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч”
Паэтычны монаспектакль “ЛЮБІЦЬ!” (па творах Анатоля Вярцінскага)
Аўтар інсцэніроўкі і выканаўца – лаўрэат міжнародных фестываляў Галіна Дзягілева
Музычнае суправаджэнне – Аляксандр Варановіч
«10 лістапада на сцэне Малой залы імя Р.Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца паэтычны монаспектакль “Любіць!”, у які ўвайшлі вершы А.Вярцінскага розных гадоў і паэма “Дажынкі”, прысвечаныя тэме любові. Любоў – аснова ўсяго сутнага, усяго існуючага на зямлі. Усё на свеце цягнецца да яе. Гэтае глыбокае пачуццё робіць бачнай мяжу паміж дабром і злом, маральнасцю і амаральнасцю. Менавіта сіла любові робіць чалавека самаадданым, здольным вынесці цяжкія пакуты, дараваць абыякавасць і нават здраду.
Як цяжка любіць... Здаецца, гэта так проста, але ў рэальнасці любоў часам мае зусім нечаканае праяўленне. Спектакль “Любіць!” пераконвае ў гэтым зноў і зноў. Любоў-страсць, любоў-мілата, а часам любоў-непаразуменне і нават любоў-нянавісць – матывы, пакладзеныя ў аснову спектакля, сталі самым бясспрэчным доказам шматколернасці любові.
Аўтар інсцэніроўкі і выканаўца – лаўрэат міжнародных фестываляў Галіна Дзягілева, музычнае суправаджэнне – Аляксандр Варановіч. Спектакль ідзе 1 гадзіну 10 хвілін».
Інфармацыя пададзена рэдактарскім аддзелам Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра “Зніч”